АМІНААЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

амінасмолы, тэрмарэактыўныя алігамерныя прадукты полікандэнсацыі амінаў ці амідаў з альдэгідамі. Ператвараюцца ў сеткавыя палімеры. Найб. шырока выкарыстоўваюцца меламінафармальдэгідныя і мачавіна-фармальдэгідныя смолы.

Атрымліваюць у выглядзе водных раствораў ці парашкоў. Ацвярджаюцца пры награванні ці пры пакаёвай т-ры з кіслотнымі каталізатарамі. Зашытыя і мадыфікаваныя смолы — высокатрывалыя, цепла-, вода-, зносаўстойлівыя матэрыялы. Выкарыстоўваюць у вытв-сці драўнінна-стружкавых пліт, амінапластаў, клеяў, пенапластаў, сінт. шпону; мадыфікаваныя — у вытв-сці спец. алкідных лакаў і эмаляў, формаў і стрыжняў для алюмініевага і чыгуннага ліцця, пластыфікатараў бетону.

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)